Эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII-XVIII ст.


КАНТРОЛЬНАЯ РАБОТА

ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў XVII - XVIII СТ.

Змест


1. Беларуская вёска ў сярэдзіне XVII - XVIII ст. Катэгорыі сялян і іх становішча

2. Заняпад гарадскога жыцця ў час ваеннага ліхалецця і яго паступовае ажыўленне

3. Прычыны адставання эканамічнага развіцця беларускіх зямел

Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Беларуская вёска ў сярэдзіне XVII-XVIII ст. Катэгорыі сялян і іх становішча


У другой палове XVII - пачатку XVIII ст. шляхецкая Рэч Паспалітая, у тым ліку Беларусь, якая ўваходзіла ў яе склад, знаходзілася ў стане глыбокага эканамічнага заняпаду і палітычнага крызісу. З сярэдзіны XVII ст. гэта дзяржава ўступіла ў паласу разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц. З 68 гадоў яе гісторыі (1648 - 1716) на ваенныя падзеі прыходзіцца 65. Войны, якім спадарожнічалі голад, эпідэміі, прынеслі велізарныя бедствы, а месцамі прывялі да поўнага разарэння сялян, цяжка адбіліся на панскай гаспадарцы, разарылі гарады, зменшылі колькасць насельніцтва.

Асабліва катастрафічнымі для Беларусі былі наступствы вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай ў 1654 - 1667 гг. Ужо на пачатковым яе этапе разарэнне сялян дасягнула такой ступені, што нават кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір вымушаны быў даць абяцанне заняцца паляпшэннем іх становішча. На сходзе магнатаў і шляхты ў Львове ў 1656 г. ён заявіў: Абяцаю і клянуся, што ад гэтага часу з усімі саслоўямі маёй дзяржавы, як толькі паспею заключыць мір, буду усяляк імкнуцца пазбавіць мой народ ад уціску і пакутаванняў. Услед за каралём гэта абяцалі магнаты і шляхта. Аднак, паколькі Рэч Паспалітая пазбегла канчатковага разгрому, шляхта забылася пра абяцанні. Яна і не думала расставацца са сваімі прывілеямі [1, с.148].

На Беларусі ў межах прыкладна яе сучаснай тэрыторыі колькасць насельніцтва зменшылася больш чым на палову: калі перад вайной яно дасягала 2 млн.900 тыс. чалавек, дык на 1667 г. засталося каля 1 млн.350 тыс. Гаспадарка ўсёй краіны апынулася ў катастрафічным стане, а для яе аднаўлення не ставала людзей, амаль зусім не засталося рабочай жывёлы. Пасля вайны не апрацоўвалася і палова ад ранейшых плошчаў ворыўнай зямлі. У найбольш пацярпелых раёнах пусткаю ляжала ледзь ня ўсё поле. Так, у Віцебскай эканоміі на 1667 г. заставаліся некранутымі 74% зямлі, у межах усяго Мсціслаўскага ваяводства - каля 70% [6, с.130].

І праз пяць - дзесяць паваенных гадоў становішча практычна не палепшылася. У Дубровенскім графстве, Прапойскім і Крычаўскім стараствах у запусценні ляжала адпаведна 73, 72 і 60 працэнтаў усіх сялянскіх гаспадарак. У Барысаўскім павеце на 19 вёсак было толькі 14 заселеных двароў, а на 11 пасяленняў Зубравіцкага войтаўства - усяго 4 гаспадаркі. У мястэчку Паставы і трох бліжэйшых вёсках жыло толькі 5 семяў. Буйное і калісьці багатае ўладанне Смаргоні, напрыклад, у 1689 г. мела ўсяго 6 кароў, 11 авечак і 4 свінні, а зямля ў трох фальварках з чатырох была зусім закінутая. Бязлюдныя вёскі ды сялянскія палі зарасталі лесам і хмызамі. Каб неяк выжыць, людзі нярэдка пакідалі свае мясціны нават пасля сканчэння ваенных дзеянняў ды кіраваліся ў іншы край [6, с.131-132].

Адраджэнне сельскай гаспадаркі мела свае асаблівасці на захадзе і ўсходзе Беларусі. На ўсходзе фальваркова-паншчынная сістэма ў XVII - XVIII ст. не атрымала такога шырокага развіцця, як на захадзе. Таму тут адраджаўся, галоўным чынам, не фальварак, а разбураная сялянская гаспадарка. (Фальварак быў комплексам гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся панскія ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы). Цяжкасці ў гэтым аказаліся многа большымі, чым на захадзе, бо больш значнымі былі спусташэнні. Да таго ж зямельны ўласнік тут не мог дапамагчы даведзеным да галечы сялянам насеннем, цяглавай сілай, паколькі ён сам трымаўся амаль выключна на сялянскай гаспадарцы. Феадалы на ўсходзе Беларусі, улічваючы ўзнікшую сітуацыю, часова ішлі на ўступкі сялянам. Прадастаўленне льгот стварала пэўны стымул для вяртання сялян у ранейшыя валоданні і ў нейкай меры прыцягвала новых пасяленцаў. Гэты працэс стаў бачным ужо ў канцы 60-х гг. XVII ст. А з ростам колькасці вясковага насельніцтва адбывалася асваенне пустэчаў. Значная частка сялян брала пустуючую зямлю дадаткова да свайго асноўнага надзела. У аднаўленчы перыяд дзяржава ўводзіла розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел. Такая палітыка станоўча ўплывала на сялянскія гаспадаркі і садзейнічала эканамічнаму ўздыму краіны ў цэлым.

Адраджэнне фальварковай гаспадаркі патрабавала ад феадалаў значных грашовых укладанняў. Ва ўмовах пасляваеннага спусташэння нават магнаты не заўсёды мелі дастакова сродкаў. Таму з 60 - 70-х гадоў XVII ст. шырокае распаўсюджванне атрымлівае арэнда і аддача ў заклад феадальных маёнткаў. Арандатарамі былі шляхцічы, радзей купцы. Пераважала кароткатэрміновая арэнда на 1-3 гады. У гэтым выпадку арандатары імкнуліся як мага хутчэй выціснуць з маёнтка пабольш грошай. Гаспадарку яны вялі па-грабежніцку, даводзілі сялян да галечы. Ва ўмовах узмацнення феадальнага прыгнёту адраджэнне сельскай гаспадаркі зацягнулася на дзесяцігоддзі [3, с.523].

Аднак гэты аднаўленчы працэс быў перарваны Паўночнай вайной, якая ў першым дзесяцігоддзі XVII ст. зруйнавала Рэч Паспалітую, асабліва яе ўсходнія рэгіёны. Тыповай карцінай зноў сталі неапрацаваныя палі, бязлюдныя сядзібы і вёскі. Было закінута 60 - 70% пасяўных плошчаў, знішчана каля паловы рабочай жывёлы, зніклі цэлыя вёскі. Шклоўскае графства, напрыклад, страціла 86,4% свайго насельніцтва. На 43% зменшылася колькасць сялянскіх гаспадарак у Копыскім графстве, у Крычаўскім старостве пуставала 73% ворных валок [3, с.540]. Удары, што абрушыліся на Беларусь, былі асабліва адчувальнымі яшчэ і таму, што яе гаспадарка не паспела адысці ад упадку другой паловы XVII ст.

Пануючы клас, імкнучыся хутчэй адрадзіць сваю гаспадарку, а з ёю і даходы, вымушаны быў некалькі паслабіць эксплуатацыю сялян, а ў шэрагу выпадкаў даваць ім льготы. Вызваляць ад усіх ці некаторых павіннасцей і нярэдка нават дапамагаць жывёлай, збожжам, лесам, грашыма і г. д. [3, с.541].

Грашовая рэнта ўжывалася часцей там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук. У гэтых маёнтках памешчыкі вымушаны былі адмаўляцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі, перадавалі часова зямлю сваіх фальваркаў сялянам і пераводзілі іх з паншчыны на чынш. Аднак большасць землеўладальнікаў старалася захаваць свае фальваркі.

Развіццё фальварковых запашак практывалася там, дзе насельніцтва, якое хоць і рэзка зменшылася, але ў масе сваёй засталося на месцы і дзе памешчык меў сродкі для вядзення сваёй гаспадаркі ў фальварку. Па-ранейшаму сеялі азімае жыта (яно займала да 50% усёй плошчы пасеваў), авёс, ячмень, грэчку, а на поўдні Беларусі - проса. Лён і каноплі займалі нязначнае месца ў панскіх пасевах. З-за недахопу рабочых рук і невялікай колькасці жывёлы зямля дрэнна апрацоўвалася і ўгнойвалася, таму сярэдняя ураджайнасць асноўных культур у фальварках знізілася і складала сам-2 - 3 (з аднаго засеяннага мяшка насення атрымлівалі 2-3 мяшкі ўраджаю).

У 30-40-я гг. XVIII ст. фальварковыя гаспадаркі прыкметна эканамічна ўзмацніліся галоўным чынам на захадзе і ў цэнтральнай частцы Беларусі. У Кобрынскай эканоміі, напрыклад, у 1742 г. у параўнанні з 1724 г. панскія пасевы падвоіліся. У магнацкіх уладаннях Чарнаўчыцы (Брэсцкае ваяводства) і Цімкавічы (Навагародскае ваяводства) з канца XVII да сярэдзіны XVIII ст. пасевы павялічыліся з 1,5 разы.

Хоць і марудна, але паступова ўзнаўлялася і сялянская гаспадарка. Дзяржаўная ўлада і ў аднаўленчы перыяд пасля Паўночнай вайны ўводзіла розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел з пустуючых земляў. У выніку агульная плошча сялянскага надзелу да сярэдзіны XVIII ст. дасягнула ўзроўню 40-х гг. XVII ст.: ва ўсходніх раёнах да адной валокі, у заходніх і цэнтральных - 0,5 - 0,6 валокі (валока - адзінка зямельнай плошчы, роўная 21, 36 га) [7, с.67-68].

У другой палове XVIII ст. канчаткова ліквідуюцца вынікі разарэння сельскай гаспадаркі Беларусі. Узніклі новыя фальваркі, у панскіх гаспадарках удасканальвалася агратэхніка, узрасло пагалоўе свойскай жывёлы. Павялічылася таварнасць вотчыннай сельскай гаспадаркі, пашырыліся яе сувязі з рынкам. Буйныя памешчыцкія гаспадаркі выраблялі прадукцыю галоўным чынам для збыту на мясцовым рынку або для продажу за мяжу. У сялянскіх гаспадарках ураджай быў яшчэ ніжэй, чым на панскім полі, але ўжо складаў сам-3 - 3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі новыя плошчы ад лесу.

Разам з развіццём сельскай гаспадаркі павялічыўся і феадальны прыгнёт сялянства. Паншчына, якая па-ранейшаму пераважала на захадзе і ў цэнтры Беларусі, узрасла на 1/3 у параўнанні з 40-50-мі гг. XVIII ст. і складала 10-16 дзён у тыдзень з цяглавай валокі. Яшчэ больш узраслі дарожная і іншыя павіннасці. На трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў сярэднім узраслі ў 1,5 разы ў параўнанні з папярэднім перыядам [7, с.71-72].

Такой зяўляецца агульная карціна развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі на працягу другой паловы XVII - XVIII ст. Адносна сістэмы катэгорый сялян неабходна адзначыць, што ў сваёй аснове яна была сфарміравана яшчэ раней, у выніку аграрнай рэформы 1557 г. (валочнай памеры), якая змяніла прававое становішча сялян. Да рэформы асноўнымі групамі сялян былі: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя (мелі права пайсці ад свайго феадала), непахожыя (не мелі права пераходу), сяляне-слугі. Пасля рэформы з часам знікае чэлядзь нявольная, якая зліваецца з прыгонным сялянствам. Пакрыху змяншаецца колькасць пахожых людзей, а з канца XVI - першай паловы XVII ст. пахожыя і непахожыя сяляне зліваюцца ў адну групу прыгоннага сялянства.

Такім чынам, пасля аграрнай перабудовы сельскай гаспадаркі сяляне дзеляцца на наступныя катэгорыі: цяглыя, асадныя, агароднікі і слугі.

Цяглыя сяляне атрымалі надзел у адну валоку, звычайна на 2 двары, якая служыла адзінкай абкладання рознымі павіннасцямі. За карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі адбываць паншчыну па 2 дні на тыдзень, талокі, гвалты, а таксама плаціць чынш (у залежнасці ад якасці атрыманай зямлі) ад 6 да 21 гроша з валокі і натуральны аброк (дзякла). За нявыхад на працу па няўважлівай прычыне штрафавалі. Вялікім цяжарам для сялян былі такія павіннасці, як уборка сена, падводная, дарожная і інш. У XVII - XVIII ст. іх зямельныя надзелы скарачаліся, павіннасці раслі [8, т.6, ч.2, с.127].

Асадныя (аброчныя) сяляне не хадзілі на паншчыну, затое плацілі 30 грошаў чыншу і адбывалі астатнія павіннасці нароўні з цяглымі, але ўсё ж былі менш залежныя, як апошнія. Вартасць усіх асноўных павіннасцей асадных сялян складала 106 грошаў з валокі добрай зямлі і 66 грошаў з валокі вельмі дрэннай зямлі. Асадныя сяляне пераважалі ў дзяржаўных уладаннях і складалі значную колькасць у маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварка доля асадных сялян змяншалася. У выпадку патрэбы феадалы пераводзілі іх у катэгорыю цяглых сялян і наадварот. Павялічваліся і памеры чыншу. Найбольшая колькаць асадных (чыншавых) сялян была ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. На усходзе Беларусі, дзе фальваркаў было мала, асадныя сяляне складалі большасць сялянства [8, т.1, с. 202; т.6, ч.2, с.175].

Агароднікамі ў Вялікім княстве Літоўскім называлі сялян, якіх сялілі на невялікіх дзялянках зямлі і абавязвалі выконваць пэўныя павіннасці. Паводле Уставы на валокі 1557 г. агароднікам давалі па 3 маргі (1 морг - 0,71 га) зямлі і ссялялі ў вёскі па 10-20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі - 6 дзён за лета. У XVIII - першай палове ХІХ ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі хату і агарод [8, т.1, с.30].

Акрамя агароднікаў самай гаротнай, збяднелай часткай сялян былі халупнікі, кутнікі (каморнікі) і інш. Халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі нават і ўласнай хаты не мелі, а туліліся ў кутках (каморках) хат багатых сялян. Такім чынам, яны існавалі за кошт найму жылля, нярэдка кавалка зямлі за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством [2, с.217-218; 4, с.245; 8, т.4, с.53].

Прывілеяванай была катэгорыя сялян-слуг. Да іх належалі вайсковыя сяляне (баяры путныя, баяры панцырныя, выбранцы, служкі і інш.), адміністрацыйна-гаспадарчыя службовыя асобы (старцы, войты, цівуны і інш.), прыслуга (кухары, півавары і інш.), вясковыя рамеснікі (кавалі, цесляры, ганчары і інш.). Сяляне-слугі былі ў прыватных, дзяржаўных і царкоўных уладаннях. Зыходзячы са спецыфічных павіннасцей, яны мелі больш высокі сацыяльны статус, чым іншыя катэгорыі сялян. Гэта выяўлялася ў большай набліжанасці да пануючага саслоўя - шляхты, у большых памерах штрафаў за злачынствы супраць сялян-слуг. Але асобы статус не вызваляў сялян-слуг ад прыгоннага стану [8, т.6, ч.1, с.344].

На працягу другой паловы XVII - XVIII ст. ішоў паступовы працэс сацыяльнага расслаення ў вёсцы. Асабліва ён паскорыўся ў другой палове XVIII ст. Амаль зніклі, зліліся з сялянамі або шляхтай панцырныя баяры. Каля 10% сялян не мелі сваёй гаспадаркі і працавалі па найму ў багатых аднавяскоўцаў або на панскай гаспадарцы. Склалася і невялікая група вясковых багацеяў, якая часам арандавала ў памешчыка цагельныя заводы, млыны, дзе эксплуатавалася праца наёмнай беднаты.

Новыя зявы ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі - паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працы, рост таварызацыі маёнткаў сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі [3, с.556-557; 7, с.71-72].


2. Заняпад гарадскога жыцця ў час ваеннага ліхалецця і яго паступовае ажыўленне


У другую палову XVII - XVIII ст. беларускія гарады ўвашлі ў стане страшэннага разбурэння, што прынесла дваццацігадовая смута 1648 - 1667 гг. Так, калі 18 гарадоў і мястэчак Наваградскага ваяводства да пачатку войнаў 1648 - 1667 гг. налічвалі 4071 дом, то пасля гэтага часу - 2329 дамоў, г. зн. было знішчана 1742 дамы, ці 42,8%; 8 гарадоў Берасцейскага ваяводства налічвалі адпаведна 2745 і 2012, г. зн. знішчана 57,6% дамоў; 12 гарадоў Менскага ваяводства - 1646 і 809, г. зн.50,8% даваеннай колькасці дамоў. Ад 50 да 70% дамоў страцілі за гады войнаў Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае ваяводствы [4, с.252].

Гарады і мястэчкі цярпелі не толькі ад разбурэнняў. Да крайняга збяднення даводзілі жыхароў пастоі войска і ваенныя паборы. У цэлым гарадское насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне XVII ст. зменшылася прыкладна на 55%. Прыйшло ў заняпад рамяство. Сотні кавалёў, кафляроў, разьбяроў, тысячы іншых рамеснікаў, гвалтам адарваных ад сваёй зямлі, працавалі цяпер у Расіі. У адной толькі Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. было 68 высокакваліфікаваных майстроў з Полацка і Віцебска. Затое ў самім Віцебску пад канец вайны заставалася не больш за 70 усіх рамеснікаў. Наогул, развіццё рамеснай вытворчасці на спустошанай Беларусі і за стагоддзе не дасягнула даваеннага ўзроўню. Напрыклад, у пачатку XVII ст. у Магілёве было больш за 2 тысячы рамеснікаў, у 1745 - толькі 95. У 1650 г. у Гародні працавала 130 рамеснікаў, у 1680 г. засталося толькі 12 [3, с.521-522].

Са спыненнем ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў гарадах пачалося паступовае аднаўленне гаспадарчага жыцця. Гэты працэс праходзіў шляхам вяртання гарадам звыклых ім функцый цэнтраў рамёстваў, унутранага і знешняга гандлю. З адраджэннем рамяства вярталася і яго папярэдняя арганізацыя - цэхі (абяднанні рамеснікаў адной або некалькіх сумежных спецыяльнасцей). Разам з тым узмацнялася і значэнне некаторых зяў, што ўзніклі ў першай палове XVII ст.: узрастанне ролі скупшчыка-пасярэдніка ўжо не толькі з купецкага асяроддзя, але і зліку разбагацеўшых майстроў, цэхмістраў. Абвастраюцца адносіны паміж цэхамі і нецэхавымі рамеснікамі, паміж блізкімі па прафесіі цэхамі.

Свавольства феадалаў і падатковы цяжар адмоўна ўплывалі на адраджэнне гарадоў і мястэчак. У адміністрацыйныя і судовыя органы паступалі шматлікія скаргі на абрабаванне феадаламі купецкіх абозаў, рабаўніцтва і бясчынствы на рынках і ў час розных зездаў шляхты. Феадалы рабілі ў сваіх валоданнях мытні. Незаконныя і завышаныя пошліны браліся на дзяржаўных мытнях. Гараджане пакутавалі ад празмерных падаткаў.

Адраджэнне гарадоў тармазілася таксама наяўнасцю ў іх зямельнай уласнасці феадалаў - юрыдык. Яны выкарыстоўвалі цяжкае становішча гарадоў для захопу новых гарадскіх зямель і распаўсюджвання сваёй улады на іх насельніцтва. Гэта суправаджалася павелічэннем феадальных павіннасцей.

Пераносячы ўсе цяжкасці феадальнага свавольства, саслоўнага прыніжэння, рабаўніцкія паборы, гараджане дабіліся больш рашучых дзеянняў гарадскога самакіравання - магістратаў - у адстойванні неаднароазова пацверджаных у мінулыя гады саслоўных правоў і прывілеяў. Калі ж магістрату не ўдавалася законным парадкам спыніць свавольства адміністрацыі, феадалаў, духавенства, гараджане са зброяй у руках адстойвалі свае правы. Так было, напрыклад, у Полацку ў 1667 г., у Гародні ў 1670 г. і ў 1726 г., у Менску ў 1700 г., у Магілёве ў 1733 г.

Але нават і ў такіх неспрыяльных умовах ішло паступовае адраджэнне гарадоў і мястэчак. Гэтаму працэсу садзейнічала далейшае развіццё таварна-грашовых адносін, павелічэнне ролі плацяжоў у феадальных павіннасцях сялянства, пашырэнне работ з грашовай аплатай у памесных гаспадарках. Паступовае ўмацаванне вярхоўнай ўлады і яе мясцовых органаў вяло да некаторага змяншэння феадальнага свавольства ў краіне, да паляпшэння ўмоў унутранага і знешняга гандлю. Хутчэй за іншыя аднаўляліся Магілёў, Віцебск, Менск, Нясвіж, Наваградак. Ажыўленне гарадоў праявілася найперш у павелічэнні колькасці насельніцтва. Але большасць гарадоў і мястэчак амаль да сярэдзіны XVIII ст. усё яшчэ заставалася ў глыбокім заняпадзе [3, с.523-524; 4, с.253].

Значныя зрухі ў іх эканамічным становішчы адбываюцца толькі ў другой палове стагоддзя. Расла колькасць гарадскога насельніцтва, а разам з ёю развівалася і рамесная вытворчасць, промыслы, гандаль, павышалася значэнне гандлёва-прамысловай дзейнасці ў занятках гараджан. У той жа час важным заняткам насельніцтва нават буйных гарадоў заставалася сельская гаспадарка. Важнейшай рысай развіцця гарадскога рамяства было тое, што захоўвалася дасягнутая раней таварнасць рамесніцкай вытворчасці. Другая важная рыса - значнае павелічэнне рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхавыя арганізацыі.

Рамесніцкае насельніцтва ў найбольш буйных гарадах гарадах складала 30-40%, а ў менш буйных - 10-25 % ад агульнай колькасці жыхароў. Яно дзялілася на некалькі груп. Першую, найбольш шматлікую групу складалі рамеснікі, якія займаліся апрацоўкай металаў. У Мінску ў другой палове палове XVIII ст. яны складалі 32% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва горада, у Пінску - 31, у Слуцку - 22, у Магілёве - 17%. Да гэтай групы адносіліся кавалі, слесары, залатых і сярэбраных спраў майстры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы. Другую па колькасці групу складалі рамеснікі па скураному вырабу. У Менску ў гэтай галіне было занята каля 27% усіх рамеснікаў. Трэцяя група - гэта краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, шубнікі і іншыя майстры па вырабу адзення. Іх было значна менш. Чацвёртую групу складалі рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцей - цесляры, сталяры, цагельнікі, муляры, печнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Усяго ў гэты перыяд у Пінску налічвалася 44 рамесныя спецыяльнасці, у Гародні - 45, у Менску - каля 50, у Слуцку і Магілёве - звыш 60.

З другой паловы XVIII ст. узрасла таварнасць рамяства, што ў сваю чаргу садзейнічала развіццю першасных форм капіталістычнай вытворчасці, выкарыстанню наёмных работнікаў. Але наёмная праца праца ў гарадах Беларусі нават у другой палове XVIII ст. была яшчэ нязначнай. Пануючае становішча тут заставалася за рамяством, пераважна цэхавым [7, с.72-73].

З ростам таварнасці рамяства паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя рамеснікаў. У цэхах узмацняецца становішча багатай групы рамеснікаў. Асобныя майстры займаюць пасады цэхмістраў на працягу доўгага часу, а іншы раз - нават пажыццёва. Расце эксплуатацыя майстрамі вучняў і падмайстраў.

З пачатку XVIII ст. цэхі змагаюцца за манапольнае права на крыніцы сыравіны, на вытворчасць і продаж прадукцыі рамяства. У гарадское жыццё, як і жыццё ўсёй краіны, пранікаюць подкуп і карупцыя. Напрыклад, за пэўную плату можна было атрымаць цэхавае старшынства, выбранне членаў магістрата часам замянялася прызначэннямі войта (гарадскога галавы) [2, с.224; 3, с.547-548]. Колькасць цэхаў прыкметна зменшылася да канца XVIII ст. Калі ў Магілёве раней налічвалася 17 цэхаў, то ў 80-я гг. XVIII ст. іх было толькі 9. Канкурэнцыя цэхам з боку няцэхавых рамеснікаў садзейнічала разбурэнню сярэднявечнай арганізацыі вытворчасці [7, с.72-73].

Новай зявай у эканамічным жыцці Беларусі было зараджэнне ў XVIII ст. мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Мануфактура як форма прадпрыемства і стадыя ў развіцці прамысловасці адыграла важную ролю ў гісторыі чалавецтва. Яна садзейнічала павышэнню прадукцыйнасці працы і паглыбленню яе грамадскага раздзялення, падрыхтоўвала пераход да машыннай вытворчасці.

Пачатак стварэння ў Беларусі мануфактурнай прамысловасці паклалі буйныя феадалы, якія валодалі вялікімі багаццямі і мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках, дзе была танная рабочая сіла - прыгонныя сяляне. Акрамя таго, узмацненне манаполіі цэхаў на рынках гарадоў абумовіла канцэнтрацыю мануфактур галоўным чынам у мястэчках, малых гарадах, якія складалі значную частку магнацкіх уладанняў.

Найбольш буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі мануфактурнага тыпу зяўляліся Урэцкі і Налібоцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, жалезаперапрацоўчы завод графа Храптовіча (у маёнтку Вішнева Ашмянскага павета), фаянсавы князя Агінскага (Целяханы Пінскага павета), Нясвіжская суконная фабрыка і Слуцкая фабрыка паясоў. На гэтых прадпрыемствах працавала па 40-50 чалавек, якія выпускалі вырабаў на некалькі дзесяткаў тысяч злотых [3, с.220].

Умовы працы на гэтых прадпрыемствах былі цяжкімі. Напрыклад, паводле інвентару 1789 г. Налібоцкага шклозавода сяляне Налібок павінны былі адпрацаваць на ім 1872 чалавека-дні упряжных, а сяляне Нівок - 1454 дні пешых. У інструкцыі, якая вызначала рэжым працы на прадпрыемстве, было сказана, што шкловыдзімальшчыкі павінны былі прыступаць да працы ў чатыры гадзіны раніцы і працаваць да сямі гадзін вечара з двухгадзінным перапынкам на абед (з 11 да 13 гадзін). Качагары прыступалі да працы значна раней. Такім чынам, працоўны дзень на заводзе працягваўся больш за 13 гадзін. Для асобных катэгорый рабочых і ў першую чаргу для тых, хто адбываў паншчыну, давалі норму выпрацоўкі і не адпускалі з завода, пакуль рабочы не выконваў яе. Паколькі нормы былі вельмі вялікія, часта даводзілася працаваць да ночы. За спазненне, а таксама за заўчасны ўход з працы сурова каралі - штрафавалі, білі палкамі і інш. Нават майстры за кожную гадзіну спазнення плацілі 20 грошаў штрафу [1, с.152-153].

У другой палове XVIII ст. актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду літоўскі надворны падскарбій (галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве) Антоній Тызенгаўз у 60 - 70-я гады XVIII ст. стварыў больш за 20 буйных прамысловых прадпрыемстваў у каралеўскіх эканоміях, у тым ліку больш за 15 мануфактур - у Гародні і яе прадмесці - Гарадніцы: фабрыку залатой і сярэбранай ніці, фабрыку сталярных вырабаў, зброевы, свечкавы, бронзавы заводы, суконную, палатняную, экіпажную і іншыя фабрыкі. У Берасцейскай эканоміі ён заснаваў дзве буйныя мануфактуры - металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Берасці [7, с.74]. Усяго у Беларусі у другой палове XVIII ст. дзейнічала 53 мануфактуры і на іх было занята 2400 рабочых, большая частка якіх складалася з прыгонных [4, с.253].

Адной з прыкмет эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII ст. было ажыўленне гандлю. Развіццю гандлю спрыяла палітыка правячых колаў краіны. Сярод важнейшых мерапрыемстваў у гэтым накірунку неабходна адзначыць скасаванне прыватных мытняў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і ўсталяванне ў 1764 г. генеральнага мытнага тарыфу. У 1775 г. былі адменены мытні на межах Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Ажыўленню гандлю спрыяла таксама дзейнасць урада па ўладкаванню гандлёвых шляхоў, у першую чаргу водных. У 1764 г. была праведзена рэформа пошты, якая аблегчыла зносіны паміж рэгіёнамі Рэчы Паспалітай, а ў 1766 г. - метралагічная рэформа.

У знешнім гандлі не назіралася значных змен у адносінах да прадметаў экспарту і імпарту, хаця павялічваюцца іх абемы. Галоўнымі прадметамі вывазу былі прадукты сельскай гаспадаркі, перш за ўсё збожжа, лён, каноплі, скуры, а таксама лес і лесаматэрыялы. Увозіліся прадметы раскошы, металы, рыба, соль. Пасля першых падзелаў Рэчы Паспалітай пачынаецца паступовая пераарыентацыя гандлёвых сувязей. Купцы ўсходняй і цэнтральнай частак Беларусі наладжваюць кантакты з расійскімі купцамі.

Для Беларусі, як і ўсёй Рэчы Паспалітай, у гэты час яшчэ большае значэнне, чым рост знешнегандлёвых сувязей, мела ажыўленне на ўнутраным рынку. Павелічэнне колькасці насельніцтва, рост яго запатрабаванняў, працэс пераводу сялян на грашовы аброк, развіццё гарадоў і інш. спрыялі росту таварна-грашовых адносін.

Па-ранейшаму галоўную ролю ва ўнутраным гандлі адыгрывалі кірмашы. Большасць з іх былі адна-двухдзённыя, некаторыя дзейнічалі на працягу некалькіх тыдняў. Буйнейшымі былі кірмашы ў Бешанковічах, Зэльве, Любавічах, Астрыне, Свіслачы, Шклове, Нясвіжы. Акрамя прадметаў мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, на буйныя кірмашы дастаўлялася шмат тавараў з суседніх абласцей і з-за мяжы. Беларускія кірмашы адрозніваліся паміж сабою спецыялізацыяй гандлю: на адных гандлявалі пераважна сельскагаспадарчымі таварамі і прадукцыяй мясцовых промыслаў, на другіх - у асноўны жывёлай, на трэціх - прамысловымі таварамі і прадметамі раскошы. На кірмашах аднаўляліся дагаворы аб арэндзе, заключаліся дагаворы на продаж прадукцыі мануфактур або фальваркаў. Кірмашы служылі сродкам абяднання мясцовых рынкаў і спрыялі разбурэнню натуральнай гаспадаркі.

Акрамя кірмашоў, значную ролю ў гандлі адыгрывалі штодзённыя таргі, дзе прадаваліся тавары паўсядзённага попыту. Вышэйназваныя формы гандлю былі прыналежнасцю феадальнага спосабу вытворчасці, паколькі сведчылі аб няпэўнасці таварна-грашовых адносін, адсутнасці вялікай таварнай масы, наяўнасці натуральнай гаспадаркі. Больш прагрэсіўны стацыянарны гандаль толькі пачынаў разгортвацца і не адыгрываў яшчэ важнай ролі ў эканоміцы [3, с.558-560].

У канцы XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 39 гарадоў і 350 мястэчак, у якіх жыло 250 тыс. чалавек (або 11% ад усіх жыхароў, што ніжэй за працэнт гарадскога насельніцтва на 1648 г.). У вялікіх гарадах прыкладна 20-30% жыхароў складалі яўрэі (на ўсходзе Беларусі - 15-20%). Большасць гарадоў ужо выйшла са скрайняга заняпаду і спусташэння. Сойм 1775 г. адмяніў даўнюю пастанову, якая пазбаўляла шляхціча саслоўных правоў за пасяленне ў горадзе і занятак гандлем. Мяшчанам было дазволена права набываць зямлю за межамі горада.

Праўда, палітыка вярхоўнай улады ў дачыненні да гарадоў была непаслядоўнай. Так, згодна з пастановаю варшаўскага сойма 1776 г. невялікія гарады і мястэчкі Беларусі і Літвы (якія не налічвалі 300 двароў) страцілі Магдэбургскае права. Самакіраванне было пакінута толькі для 11 буйных гарадоў. Незадаволеная рашэннем варшаўскага сойма, частка мяшчан выехала ў суседнія краіны. Толькі прыватныя ўладальнікі маглі захоўваць Магдэбургскае права сваім гарадам, бо пастанова тычылася толькі гарадоў каралеўскай юрысдыкцыі. Але і пазбаўленыя яго гарады ў тарыфах падымнага абкладання ў 1790-91 гг. былі названы магдэбургскімі, а, значыць, нейкія элементы самакіравання, прынамсі, ранейшыя суды ў іх захоўваліся. Праўдападобна, буйныя гарады Беларусі ўсё ж не зведалі адмоўнага ўплыву пастановы 1776 г. У Магілёве, Менску, Гародні параўнальна высокага ўзроўню зноў дасягнулі рамяство і гандаль, адным з паказальнікаў чаго быў хуткі колькасны рост рамеснікаў. Менск, у прыватнасці, па эканамічным развіцці ў 1770-х гг нарэшце пераўзышоў узровень першай паловы XVII ст. [5, с.333-334].

Такім чынам, Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне рашаючай галіны эканомікі - сельскай гаспадаркі. Наглядаецца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў большай ступені былі звязаны з рынкам. Адбываюцца прыкметныя зрухі ва ўзнаўленні эканомікі гарадоў і мястэчак. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувяі Беларусі з іншымі краінамі.


3. Прычыны адставання эканамічнага развіцця беларускіх зямел


Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі


Прычыны адставання эканамічнага развіцця беларускіх зямель у параўнанні з Расіяй палягалі не толькі ў вялікіх разбурэннях у час ваенных ліхалеццяў, пра якія гаворка была вышэй. Неабходна таксама ўлічваць, што хаця аснова эканамічнага ладу - феадальная ўласнасць на зямлю - была і там і там аднолькавая, у Расіі агульны ўзровень развіцця вытворчых адносін быў вышэйшым. Цэнтральная ўлада ва унітарнай дзяржаве не пакідала шмат функцый феадалам, замацоўвала за сабой права суда і кантролю за ўзроўнем феадальнага прыгнёту сялян.

Беларусь, Літва і Украіна ў складзе Рэчы Паспалітай развівалі свае феадальныя адносіны ва ўмовах дэцэнтралізаванай дзяржавы і таму практычна не ведалі такога рэгулявання. Тут яно насіла эпізадычны характар.

У Беларусі сяляне фактычна знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадалаў і амаль не мелі магчымасці апеляваць да дзяржавы. У феадала было шмат палітычных, эканамічных і іншых правоў, каб ахаваць сябе ад дзяржаўнага кантролю. Трымаючы ўласныя войскі, феадальныя маёнткі станавіліся дзяржавамі ў дзяржаве. Гэта не толькі ўзмацняла прыгнёт, але і перашкаджала эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай, зараджэнню капіталістычных адносін.

У XVI - XVII ст., калі ў Еўропе пачаў развівацца капіталізм, у Рэчы Паспалітай толькі закончыўся працэс масавага запрыгоньвання сялян: феадальны лад знаходзіўся ў сваім апагеі. У Расіі працэс зараджэння таварна-грашовых адносін ішоў значна хутчэй. Рускія памешчыкі раней пачалі прыстасоўвацца да новых умоў гаспадарання, пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты - грашовы чынш [2, с.264-265].

Жорсткія і грубыя формы феадальнага ладу ў Рэчы Паспалітай выяўляліся ў тым, што большасць магнатаў і шляхты ўсімі сіламі адстойвалі даўніну, імкнуліся да павелічэння паншчыны, учэпіста трымаліся за свае прывілеі, адмаўляліся праводзіць прагрэсіўныя рэформы. Усё гэта абумовіла галечу сялянскіх мас, адсутнасць у іх стымулаў да працы. Як следства - заняпад эканомікі, асабліва сельскай гаспадаркі.

Феадальная арыстакратыя дэмаралізавалася, вяла паразітычны лад жыцця, не клапацілася аб лёсе краіны, траціла велізарныя сродкі на ўсялякія гулянні і балі. Саксонскі пасол Эсен так апісаў норавы, якія панавалі пры варшаўскім двары: Польскія вяльможы. пастаянна ганяюцца за атрыманнем пенсій ад замежных двароў з тым, каб падкопвацца пад сваю Айчыну. Кожны дзень у Польшчы адбываюцца такія зявы, якія неверагодныя ў іншых дзяржавах: злосныя банкруцтвы купцоў і вяльмож, безразважныя азартныя гульні, грабяжы, усялякага роду адчайныя ўчынкі. Злачынствы адбываюцца на кожным кроку, і хто ж іх учыняе? Людзі з вышэйшага свету, якія пастаянна бываюць у караля і карыстаюцца павагай, а якому ж пакаранню яны падвяргаюцца? Ніякаму." [2, с.229-230].

Магнат Караль Радзівіл, напрыклад, штогадовы прыбытак якога са сваіх уладанняў складаў 20 млн. злотых, на балі склікаў па некалькі тысяч гасцей і, каб іх пазабавіць, летам ездзіў у Нясвіж на санях па дарозе, якая была ўсыпана па яго загаду соллю. Вялікія грошы, так неабходныя на эканамічныя рэформы, прапіваліся і прайграваліся ў карты.

Найбольш ажыццяўленню эканамічных рэформ перашкаджаў абсурдны парадак прыняцця рашэнняў у вышэйшым органе краіны - сойме: пастановы яго прымаліся толькі аднагалосна. Пры гэтым кожны дэпутат валодаў правам ліберум вета (свабоднае вета). Дастаткова было аднаму дэпутату без усякіх аргументаў крыкнуць: не дазваляю, як сойм быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць і ліквідаваць усе прынятыя раней ім рашэнні.

Феадальная знаць выступала супраць стварэння моцнага пастаяннага войска таму, што для гэтага патрэбна было б аддаваць сваіх прыгонных у рэкруты ды яшчэ і плаціць новыя падаткі для ўтрымання вайсковых фарміраванняў. Таму яна адхіляла ваеннныя рэформы. Класавыя і нацыянальна-рэлігійныя супярэчнасці, эканамічная адсталасць краіны, рэакцыйная палітыка яе кіруючых колаў падрывалі сілы Рэчы Паспалітай і рабілі яе лёгкай здабычай для суседніх дзяржаў. І калі над Рэччу Паспалітай навісла смяротная пагроза пазбаўлення дзяржаўнай незалежнасці ў канцы XVIIІ ст., то яна не мела сучаснага войска, была бяссільная абараніць свае межы і яе ліквідавалі як суверэнную дзяржаву. Гэта адбылося паэтапна ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай ў 1772, 1793 і 1795 гг. паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй [7, с.76].

У беларускіх землях, далучаных да Расійскай імперыі, было ўведзена такое ж кіраванне, як і ў Расіі. У пачатку ХІХ ст. Беларусь з насельніцтвам больш 3 млн. чал. склала Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую губерні.

Уключэнне беларускіх зямель у склад цэнтралізаванай, з моцнай вярхоўнай уладай, дзяржавы прывяло да пэўнай палітычнай стабілізацыі, якая паклала канец ваенным сутыкненням на беларускіх тэрыторыях, феадальнай анархіі. Магнатам забаранялася ўтрымліваць прыватныя войскі, мець свае крэпасці.

З уваходам Беларусі ў склад Расіі яе прадукцыйныя сілы атрымалі ўвогуле больш спрыяльныя ўмовы для свайго развіцця. Безумоўна, што эканамічная прастора Расіі была значна большай, чым Рэчы Паспалітай. Да таго ж Расійская імперыя ў той час была моцнай у ваенных адносінах дзяржавай і магла сябе абараніць. У такіх умовах складаліся дастаткова спрыяльныя перадумовы эканамічнага развіцця Беларусі, фарміравання тут капіталістычных адносін.

Пасля далучэння да Расіі прыкметна ажывілася развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі, галоўным чынам у сувязі з тым, што добра забяспечваўся збыт зерня і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу і ў буйныя гарады Расіі. Памешчыкі пашыралі пасяўныя плошчы збожжавых і тэхнічных культур - ільну і каноплі. Пашыраюцца пасевы бульбы, асабліва ў Гродзенскай і Віцебскай губернях.

Жывёлагадоўля таксама рухалася наперад, але ў той час яна яшчэ адыгрывала другарадную ролю. У пачатку ХІХ ст. памешчыкі Магілёўскай і Гродзенскай губерняў пачалі разводзіць мерыносную пароду авечак, якая давала бавоўну высокай якасці.

У канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. адбываўся значны рост мануфактурнай прамысловасці. У Крычаве, напрыклад, князь Пацёмкін заснаваў парусінавую фабрыку, канатны і шкляны заводы, судаверф. У вёсцы Воранава ён стварыў буйны цагельны завод, вытворчасць якога дасягала 1 млн. штук цэглы ў год. Недалёка ад Чэрыкава, у вёсцы Ушакі, быў заснаваны другі шклозавод, а ў мястэчку Дуброўна - суконная фабрыка. На грошы Пацёмкіна ў вёсцы Беражань быў арганізаваны першы ў Расіі гадзіннікавы завод, які выпускаў гадзіннікі высокай якасці і пастаўляў іх царскаму двару ў Пецярбург.

Важным раёнам канцэнтрацыі мануфактурнай вытворчасці стаў Шклоў. Тут працавалі суконная, парусінавая і шаўковая фабрыкі, канатны і гарбарны заводы. Усяго з 1778 па 1800 гг. на тэрыторыі Беларусі была створана 21 мануфактура. Гэтыя прадпрыемствы былі вотчыннымі мануфактурамі, на якіх галоўным чынам працавала прыгоннае сялянства. У канцы XVIII ст. у Беларусі пачалі ўзнікаць купецкія мануфактуры, на якіх ужо выкарыстоўвалася праца вольнанаёмных рабочых.

Ажыўленне сельскай гаспадаркі Беларусі і прамысловасці садзейнічала развіццю ўнутранага і знешняга гандлю Беларусі, асабліва з Расіяй і Украінай. Станоўчае значэнне мелі ліквідацыя ўнутраных мытных пошлін, адмена гандлёвай пошліны на сельскагаспадарчыя і лясныя прадукты, рамесныя вырабы, якія вывозіліся ў Рыгу, а таксамам ўвядзенне на тэрыторыі Беларусі агульнарасійскіх мер вагі і грашовай сістэмы. Гаспадарчыя сувязі з расійскім рынкам спрыялі эканамічнаму жыццю гарадоў [4, с.267-268; 7, с.78-79].

Такім чынам, уключэнне ў Расію мела ў цэлым станоўчае значэнне для эканамічнага развіцця Беларусі, але было б памылкова перабольшваць значэнне гэтай складанай гістарычнай падзеі. Тут трэба мець на ўвазе наступныя фактары.

У выніку далучэння да царскай Расіі Беларусь падпала пад больш цяжкі гнёт расійскай манархіі. Яна не мела ніякай самастойнасці ні ў палітычных, ні ў эканамічных, ні ў культурна-нацыянальных адносінах. Па сутнасці, Беларусь была каланіяльным уладаннем рускага цара.

Становішча працоўных мас, у першую чаргу сялянства, пагоршылася. Удзельнік дзекабрысцкага руху У. Тургенеў так пісаў пра жыццё і працу беларускага сялянства: Адно з самых абуральных злоўжыванняў прымячаецца ў беларускіх правінцыях, дзе сяляне так няшчасны, што выклікалі спачуванне нават рускіх прыгонных.

Пасля далучэння царскі ўрад раздаваў расійскім дваранам, пераважна саноўнікам, былыя дзяржаўныя ўладанні. З 1773 па 1795 гг. Кацярына ІІ падаравала сваім прыбліжаным 180 550 беларускіх сялян. Пры Паўле І (з1796 па 1801 гг.) было падаравана яшчэ 28 тыс. Вынікам такой палітыкі стала рэзкае скарачэнне колькасці дзяржаўных сялян у Беларусі (прыкладна ў 3 разы). Пераход сялян у прыватную залежнасць адмоўна адбіўся на іх матэрыяльным стане. Увядзеннем падушнага абкладання новая ўлада адбірала значную частку феадальнай рэнты, якую масцовыя ўладальнікі прысвойвалі пры ранейшым падворным падатковым уліку. Незадаволенасць такой палітыкай царызму выказвалася і сялянамі і мясцовай шляхтай.

Гэта прымусіла расійскі ўрад адмяніць з 1801 г. практыку вечнаспадчынных падараванняў сялян. Частка дзяржаўных зямель у 1803 - 1809 гг. была перададзена самім сялянам у грашовую арэнду. Фальваркі пры гэтым ліквідаваліся. Але маёмасная няроўнасць сярод сялян перашкаджала ўраўняльнаму пазямельнаму абкладанню і была крыніцай абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей у вёсцы, росту запазычанасці.

Становішча гараджан таксама пагоршылася. Магдэбургскае права, хоць і было прызнана за беларускімі гарадамі, але фактычна самакіравання ў гарадах не было. Купцы плацілі падаткі з капіталу, а мяшчане былі абложаны агульным падушным падаткам і ў адносінах да адбывання вайсковай павіннасці прыроўнены да сялян. Яўрэйскае насельніцтва гарадоў было абмежавана ў правах.

Пасля далучэння да Расіі Беларусь павінна была ўносіць у царскую казну значна большыя падаткі, чым у складзе Рэчы Паспалітай. Па падліках вядомага беларускага гісторыка, прафесара У. Ігнатоўскага яны ўзраслі амаль у 6 разоў і склалі больш 1 млн. руб. у год.

Нарэшце, у Расійскай імперыі беларуская культура апынулася ў крытычным стане. У складзе Рэчы Паспалітай культуру беларусаў трэба было бараніць ад палітыкі асіміляцыі польскіх паноў і засілля каталіцкай царквы, а ў складзе Расійскай дзяржавы - з двух бакоў: па-ранейшаму ад каланізатарскіх дзеянняў польскіх памешчыкаў і каталіцкага духавенства (а іх стрымліваючае ўздзеянне на развіццё культуры Беларусі захоўвалася яшчэ доўгі час пасля далучэння да Расіі) і ад нацыянальна-культурнай асіміляцыі царскай Расіі, бо афіцыйныя ўлады імперыі не лічылі беларусаў за самастойны этнас і прыкладалі вялікія намаганні прыглушыць самасвядомасць беларускага народа.

Як відаць, не маецца падстаў ідэалізаваць уключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Аднак, зыходзячы з абектыўных пазіцый, трэба адзначыць, што ў цэлым уключэнне Беларусі ў склад Расіі ў той час і ў тых гістарычных умовах садзейнічала складванню больш спрыяльных умоў для развіцця эканомікі і фарміравання капіталістычных адносін, чым раней [269-270; 7, с.80].

эканамічнае беларуская далучэння расія

Спіс выкарыстанай літаратуры


1.Гісторыя Беларусі: дапаможнік для паступаючых у ВНУ / А.Л. Абецэдарская, П.І. Брыгадзін, Л.А. Жылуновіч і інш.; Пад рэд.А.Г. Каханоўскага і інш. - Мн.: Экаперспектыва, 1998. - 496 с.

2.Гісторыя Беларусі: Падруч. У 2 ч. Ч.1. Ад старажытных часоў - па люты 1917 г. / Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, І.Л. Качалаў і інш.; Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. - Мн.: Выш. шк., 2003. - 416 с.

.Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І.П. Крэнь, І.І. Коўкель, С.В. Марозава, С.Я. Сяльверстава, І.А. Фёдараў. - Мн.: РІВШ БДУ, 2000. - 656 с.

.Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч.1. / М.П. Касцюк, У.Ф. Ісаенка, Г.В. Штыхаў і інш. - Мн.: Беларусь, 1994. - 527 с.: іл.

.Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. - Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. - 412 с.

.Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654 - 1667. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995. - 144 с.

.Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый / В.І. Галубовіч, Р.І. Ермашкевіч, Г.Ф. Шапавал і інш. / Пад. агул. рэд.В.І. Галубовіча. - Мн.: Экаперспектыва, 1993. - 288 с.

.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мн., Т.1 - 6.1993 - 2003.


Теги: Эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII-XVIII ст.  Контрольная работа  История
Просмотров: 16529
Найти в Wikkipedia статьи с фразой: Эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII-XVIII ст.
Назад